помнік архітэктуры барока і ракако ў г. Слонім Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 2-й пал. 17—2-й пал. 18 ст. з цэглы на б. Рыначнай пл. Пашкоджаны пажарам у 1790, адноўлены ў 1793. Комплекс быў абнесены магутнай мураванай сцяной з барочнай уязной брамай (не захавалася).
Кляштар засн. К.Юдзіцкай-Салятыцкай, А.Юдзіцкім, пры ўдзеле братоў З. і К. Працлаўскіх. З 1696 пры кляштары існавала брацтва св. Міхаіла. У 1830 сюды пераведзены бернардзінкі з Брэста. Пасля 1905 кляштар перададзены манашкам ордэна Бязгрэшнага Зачацця Дзевы Марыі (непакалянкам).
Касцёл пабудаваны ў 1664—70 ці 1670—96 на месцы драўлянага храма, які згарэў у 1656. 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак з паўкруглай апсідай з рознавял. сакрысціямі і 3-яруснай чацверыковай вежай-званіцай пры ўваходзе. Верхні ярус вежы-званіцы дэкарыраваны здвоенымі лапаткамі, арачнымі нішамі, завершаны 4-схільным пакатым дахам. Сцены будынка расчлянёны масіўнымі слупамі-пілястрамі, капітэлі якіх дэкарыраваны стылізаваным расл. арнаментам. Інтэр’ер у 1751—64 упрыгожаны гал. 2-ярусным і 4 бакавымі алтарамі, амбонам, спавядальняй у стылі ракако (стукавыя арнаменты і скульптура выкананы майстрам І.Гедэлем паводле малюнкаў І.К.Глаўбіца); вылучалася барочная печ сакрысціі, абліцаваная зялёнай кафляй (17 ст., у 1970 знішчана). У 1764 да касцёла прыбудаваны 2-павярховы будынак жылога корпуса з замкнёным прамавугольным дваром (арх. І.Авадовіч). Фасады корпуса рытмічна расчлянёны пілястрамі, дэкарыраваны прафіляваным карнізам і поясам. Паўд.-зах. вугал будынка вылучаны рызалітам, умацаваным магутнымі контрфорсамі.
А.М.Кулагін, А.А.Ярашэвіч.
Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінак. Выгляд касцёла з боку апсіды.Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінак. Галоўны алтар касцёла.